Беларуская Служба

Агляд падляшскага выдання Czasopis

21.09.2019 08:14
У шматкультурным Беластоку тое, што не адпавядае традыцыйным польскім і каталіцкім вартасцям дагэтуль з’яўляецца чужым. 
 Czasopis
Падляшскі Czasopis .



Агляд друку будзе цалкам прысвечаны чарговаму, гэтым разам вераснёваму, нумару грамадска-культурнага штомесячніка беларусаў Падляшша пад назвай «Часопіс».

Марш роўнасці ў Беластоку паказаў хворы кансерватызм Падляшша, піша пастаянны аўтар выдання, галоўны рэдактар Юрка Хмялеўскі. 20 ліпеня пад лозунгам «Беласток – горад для ўсіх» прайшоў у сталіцы Падляшша першы марш роўнасці. Яго зладзіла польскае LGBT супольнасць.

Мерапрыемства адгукнулася шырокім рэхам па ўсёй Польшчы і нават паза межамі краіны. На беластоцкі Марш роўнасці адбыўся сапраўдны напад. Тое, што адбылося падчас маршу палохае, моцна запахла фашызмам – піша Юрка Хмялеўскі.

Падобныя маршы праходзяць у розных гарадах Польшчы, але нідзе не назіралася такой жорсткасці і варожасці. Бандыцкую гамафобію, вядома, нельга прыпісваць большасці жыхароў Беластоку. Аднак, тыя паводзіны мясцовай шпаны палохаюць нас, падляскіх беларусаў.
Бо ў шматкультурным Беластоку тое, што не адпавядае традыцыйным польскім і каталіцкім вартасцям дагэтуль з’яўляецца чужым. Такі стан рэчаў выдатна ўпісваецца ў агульны дух неталерантнага польскага нацыяналізму, які асабліва ярка ззяе тут, на Падляшшы.

Аўтар артыкулу задаецца рытарычным пытаннем, якім чынам быў бы ўспрыняты марш мясцовых беларусаў, на якім яны бы дэманстравалі толькі сваю прысутнасць ды адметнасць ад пануючай большасці. Пра рэха нападу на беластоцкі марш роўнасці пісаў пастаянны аўтар «Часопісу» Юрка Хмялеўскі.

У чарговым артыкуле выдання беларусаў Падляшша пад назвай «Часопіс» Янка Целушэцкі дзеліцца радаснай навіной для мясцовых жыхароў. Нататка называецца «Зноў паехаў цягнік з Гайнаўкі ў Семяноўку».

Сёлета ў чэрвені на былым вакзале ў Плянце пачалі рамонт чыгуначных шляхоў і добраўпарадкаванне занядбаных перонаў. Неўзабаве на перонах з’явіліся табліцы з надпісам «NAREWKA» і расклады руху пасажырскіх цягнікоў. Перлінкай гэтай цудоўнай карціны стала новенькая сметніца. Цягнік ездзіць аж тры разы на дзень – у пятніцу, суботу і нядзелю. Жыхарам Гайнаўкі, Плянты і ўсёй Нарчанаўскай гміны пасля амаль трыццацігадовага перапынку вярнулі важны чыгуначны маршрут.

У падляскім часопісе прыгадваюць, што ўжо 13 кастрычніка ў Польшчы пройдуць парламенцкія выбары. А гэта азначае, што ў беларусаў Падляшша з’явілася магчымасць атрымаць больш шырокую рэпрэзентацыю ў польскіх органах улады.

Надыходзячыя парламенцкія выбары маюць вялікае значэнне для беларускай меншасці. Тым больш, што на працягу апошніх чатырох гадоў, упершыню пасля 1989 года ў парламенце не было аніводнага прадстаўніка беларусаў. Аднак балючых праблемаў беларусаў і праваслаўных не становіцца меней, іх трэба вырашаць на дзяржаўным узроўні, пры дапамозе дэпутатаў Сейму і сенатараў.

Каб палепшыць сітуацыю беларусаў Падляшша, неабходныя дзяржаўныя законныя рэгуляцыі, якія выпрацоўваюцца менавіта заканадаўчай уладай. На жаль кіроўная ў Польшчы права-кансерватыўная партыя «Права і справядлівасць» не ўключыла ў свае выбарчыя спісы ніводнага прадстаўніка беларускай нацыянальнай меншасці. Адзіным кандыдатам «Права і справядлівасці», які хоць крыху прыхінаецца да беларускіх справаў Падляшша, стаў цяперашні дэпутат Мечыслаў Башко.

У сваю чаргу, апазіцыйныя сілы ахвотна ўключалі ў свае спісы тамтэйшых беларусаў. Так, напрыклад, апазіцыйная «Грамадзянская платформа» уключыла ў свой спіс былога дэпутата Сейму, сямідзесяцігадовага Яўгена Чыквіна. Таксама «Грамадзянская платформа» прапанавала дырэктару Гайнаўскага беларускага ліцэю Ігару Лукашуку быць кандыдатам апазіцыі ў Сенат у паўнёва-падляшскай акрузе.

Аднак, пераконваюць аўтары выдання, беларусам Падляшша лепш за ўсё было бы стварыць уласны выбарчы камітэт. На жаль, цяперака, у існых умовах, гэта здаецца быць нерэальным.


Czasopis/эж